

Вельмі дарэчы ў гэты час аказаўся ўсюдыход, зроблены рукамі жыхароў Петрыкава — бацькі і сына Яворскіх. У выніку паводкі гарадская ўскраіна аказалася моцна падтопленай прыпяцкай вадой, і цяпер да некаторых падвор'яў без трактара альбо лодкі не дабрацца. На сваім "усюдыходным" сродку перасоўвання яны могуць дабрацца да любой кропкі. Вада аўтамабілю-трактару не перашкода: яна, як кажуць, яму па калена.
— Мы стваралі машыну з мэтаю дабрацца ў любое месца і ў любы час з мінімальнымі затратамі, — кажа старэйшы Яворскі. — Для гэтай тэхнікі не патрэбны дарогі, яна не баіцца багны.
На падворку Яворскіх стаіць яшчэ адзін, ручной зборкі, трактарны агрэгат — для працы з плугамі, у якасці экскаватара і для грузавых перавозак. Але для рыбалкі, для збору журавін — гэты, з коламі нізкага ціску, проста незаменны, бо бесперашкодна пераадольвае любое пакрыццё.
Захапленне майстраваць, ствараць неабходныя ў побыце рэчы і машыны ў Валерыя Яворскага даўно. Вучыцца ад бацькі ствараць "разумныя" рэчы і сын Аляксандр. Цяпер гэтыя петрыкаўскія "кулібіны" ствараюць чарговае прыстасаванне, неабходнае для будаўнічых работ, — бетонамяшалку .
Nenhum comentário:
Postar um comentário